«Хам» Печать
Блоги - Блоги
Автор: Виктория Белякова   
03.03.2010 01:00

Амаль дзевяноста гадоў таму на купалаўскай сцэне адбылася прэм’ера спектакля «Хам» па аднайменнай аповесці Э. Ажэшкі. Сёння, ужо ў XXI стагоддзі, рэжысёр Аляксандр Гарцуеў звярнуўся да гэтага твора, зрабіў яго інсцэніроўку і стварыў спектакль з чароўным жанравым вызначэннем: «нёманскі міф».

Галоўным поспехам пастаноўкі з’явіўся вобраз Франкі (Валянціна Гарцуева). Пазбавіўшыся бацькоў яна трапляе ў жорсткі чалавечы свет. Прыгожая і маладая Франка ідзе на службу да паноў, яе першы гаспадар пасля ночы кахання дае ёй грошы, і з гэтага часу кожны яе гаспадар становіцца яе палюбоўнікам. Кожную хвіліну яна помсціць за свой сорам, карыстаючыся сваёй прывабнасцю, Франка спакушае мужчын, яна кахае і ненавідзіць, лічыць сабе паненкай, а просты люд — «хамамі» і брудам. У ёй жыве д’ябл, але колькі адчаю, болі ў гэтай вар’яцкай душы. Франка закахалася ў «хама» Паўла (Аляксандр Абрамовіч) і выйшла за яго замуж, але яго дабрыня, цеплыня не выратоўвае дзяўчыну. Вобраз гэта атрымаўся ў спектаклі трагічны, моцны ў сваёй унутранай супярэчнасці, у бяссіллі атрымаць спакой і прабачэнне ў самой сабе — сапраўдны шэкспіраўскі маштаб, гамлетаўская душа.

Увогуле ж спектакль падобен на мазаічны малюнак: сцэны змяняюць адна адну, то гэта дыялогі на авансцэне, то мізансцэнічныя замалёўкі на вялікім драўляным памосце. Але якасная няроўнасць гэтых кавалкаў робіць са спектаклем небяспечную рэч. Некаторыя драматычныя сцэны вызываюць усмешку, а асобныя рэплікі, не павінныя вылучацца з агульнага тэксту, набываюць аб’ём і ператвараюцца ў жарт, да таго ж акцёры падыгрываюць рэакцыі зала, і сцэна пачынае стыхійна развівацца ў невядомым накірунку. У такой своеасаблівай імправізацыі ёсць нешта цікавае, гэта як спроба больш простых і жывых эмоцый вырвацца з-пад абагульненых, парой статычных масак герояў.

Але ж у спектакле гэты факт гаворыць аб рэжысёрскай недапрацоўкі вобразаў. Напачатку быў акрэслены яркі кантраст паміж вобразам прыгожай, благароднай і вясёлай Франкі, і хмурнымі, забітымі «хамамі». Гэта выяўлялася і ў адзенні: легкая прыгожая сукенка, колеру марской хвалі, на Франке, якая прывабна спалучалась з густымі бялявымі валасамі дзяўчыны, і светла шэрыя грувасткія кашулі, спадніцы, порткі простых сялян. Несупадзенне дзвюх зусім розных міроў вызначала канфлікт дзеяння, але далей уся ўвага сканцэнтравалася на вобразе Франкі, і аказалася, што канфлікт складаецца ва ўнутранным свеце гераіні. Апынулася так, што асоба Франкі была раскрыта і распрацавана, а вобразы астатніх людзей з народу, так і засталіся агульнымі маскамі.

Здаецца, па гэтай прычыне акцёры не знаходзілі сабе месца ў спектакле. Нават у тых сцэнах, дзе можна было б больш увагі надаць другасным персанажам, не нарабіўшы шкоды ролі Франкі, вобразы не набылі патрэбнай канкрэтыкі і чалавечнасці. Да таго ж менавіта вобраз Франкі, а не «хама» Паўла, як можна было б лічыць па назве спектакля, стаў вызначальным.

Тым не менш, на мой погляд, спектакль можна лічыць удалай і цікавай працай рэжысёра Аляксандра Гарцуева. Нягледзячы на сваю неадназначнасць і мазаічнасць, спектакль атрымоўваецца цэласным, дзякуючы агульнай драматычнай атмасфере, пануючай у ім. Вялікую ролю ў яе стварэнні грае музыка (выкарыстаны творы Г. Армстранга, М. Бертрамі, Х. Займера) і сцэнаграфія (мастак-пастаноўшчык Ігар Анісенка). Пачуццё безвыходнасці, заблытанасці і цемры ствараюць вяроўкі, сеткі з іх, якія звісаюць над сцэнай. Вялізны драўляны памост, на якім узвышаецца крыж можна растлумачыць і як распяцце, на якім Хрыстос прынёс сябе ў ахвяру, як Павэл ахвяраваў сабой, веруючы ў выратаванне Франкі; і як вера, на якой павінен строіцца памост чалавечай душы — Франка згубіла ў сабе Бога.