ВАША НОВОСТЬ


Если Вы знаете театральную новость,
которой нет у нас, пожалуйста,
напишите нам

Кто на сайте

Сейчас 95 гостей онлайн

Выхаванне праз уражанні PDF Печать E-mail
Блоги - Блоги
Автор: Виктория Белякова   
26.12.2010 01:00

Што ёсць тэатр лялек для дзяцей? Калі мы гаворым аб мастацтве, маем на ўвазе пазнанне свету. Праз прызму сцэны, слова, колера мы разглядаем прапанаваную нам мадэль чалавечых адносін, варыянты існавання ў складаных і заблытаных лабірынтах жыцця. Дарослы, самадастатковы чалавек здольны сам вырашаць — згаджацца ці не згаджацца з тым, што яму прадстаўляюць. Маленькае ж дзіця шчыра верыць ва ўсё, што адбываецца на сцэнічнай пляцоўцы, а значыць стваральнікі спектакля адказныя за тое, з якой верай вырасце гэты чалавек.

Разуменне гэтай важнай думкі ёсць у маладой навучэнкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, рэжысёра тэатра лялек Іры Багданавай:

  • — Праз тэатр дзеці могуць пазнаць тыя простыя ісціны, якія неабходны кожнаму чалавеку. І задача тэатра — рабіць гэта ненадакучліва і цікава. Ён павінен уражваць, хваляваць, зачароўваць, вабіць і захапляць. Разам з тым тэатр — гэта не толькі забава і месца для пустога баўлення часу. Тэатр — гэта месца, дзе трэба разважаць і перажываць. А дзеці, як ніхто іншы, здольныя перажываць чужыя беды і радасці як свае ўласныя, гатовыя паставіцца да таго, што адбываецца на сцэне «па-жывому», «па-сапраўднаму». У іх свядомасці фармуецца праекцыя на ўласнае жыццё, паводзіны. Няхай дзіця і не запомніць спектакля на ўсё жыццё, але ў эмацыйнай памяці застанецца тое, што яно перажыло ў момант прагляду, таксама як яно ўпершыню перажываў свае поспехі, страты і радасці.

У вучэбным спектаклі Іры Багданавай «Маленькая Ведзьма» пануе агульная атмасфера чалавечнасці і дабрыні. Створанная паводле казкі нямецкага пісьменніка О. Пройслера, пастаноўка распавядае нам гісторыю маленькай Ведзьмы, якая жадае стаць дарослай моцнай вядзьмаркай, але па неспрактыкаванасці і наіўнасці робіць для гэтага добрыя справы. Адвечнае супрацьстаянне дабра і зла праяўляецца тут ў адной асобе — маленькай дзяўчыне, якая, зразумеўшы, што здзяйсненне добрых ўчынкаў прыносіць шчасце, выбірае светлы шлях.

Ёсць у гэтым спектаклі і яшчэ адна немалаважная рыса: ніхто з персанажаў не накіраваны рэжысёрам да крайніх вызначэнняў станоўчага ці адмоўнага героя, бадай, за выключэннем дарослых вядзьмарак, вобразы якіх носяць умоўны характар. Добрыя персанажы схільныя да памылак і сумненняў, а жорсткі і дэспатычны фермер у свой час праяўляе простыя і шчырыя пачуцці. Такімі адносінамі спектакль прапаноўвае важную ва ўсе часы думку: не трэба судзіць аб людзях просталінейна і аднабакова, у кожным ёсць добрыя і злыя пачаткі, выбар жа іх залежыць ад самога чалавека і прапанаваных умоў.

Спектакль сцвярджае такія простыя і, адначасова, важныя паняцці, як узаемадапамога, уважлівае і добрае стаўленне да чалавека. Тыя якасці, якія былі б добрым падмуркам для станаўлення маленькай асобы. Для дарослых жа гэта напамін, вяртанне да сутнасці адносін у гэтым свеце. Разам з тым у спектаклі закранаюцца цалкам рэальныя праблемы: бездапаможнасці старых людзей, гвалту над жывёламі — якія, у асобных іх праявах, і вырашае маленькая ведзьма сваімі добрымі справамі. Да таго ж гаворыцца аб гэтым у спектаклі эмацыйна, на адным дыханні. Лялькі не кідкія, але яркія і стыльныя, зробленныя з густам, насычанныя цёплымі колерамі. Дэкарацыі вылучаюцца лёгкай нядбайнасцю, зламанасцю ліній, што надае прасторы чароўнай казачнасці.

Спектаклем «Маленькая Ведзьма» рэжысёр Іра Багданава пацвярджае свае галоўныя творчыя арыенціры. Выхаванне маленькага чалавека тэатрам павінна адбывацца натуральна, праз уражанні. Кажучы «не» прамым павучанням і гатовым паняццям, яна накіроўвае маленькага гледача і дае яму магчымасць самому рабіць вывад з таго, што адбываецца на сцэне. Здаецца, гэтая пазіцыя адпавядае сённяшнім патрабаванням, бо развівае ў чалавеку здольнасць думаць, а не карыстацца гатовымі шаблоннымі меркаваннямі. Дае чалавеку свабоду выбару, што адпаведна ўплывае і на меру адказнасці за свае вырашэнні.

Просмотров: 16349
Архив комментариев
...
Автор: alex_strel, 27.12.2010
блін, захацелася паглядзець спектакль. з паста абсалютна незразумела, які ён, але бачна, што добры, бо аўтар ажно захлёбываецца ад захаплення.
smilies/smiley.gif

busy