Вяртанне Галадара, РТБД, рэжысёр К. Аверкава Печать
Блоги - Авторский блог
Автор: Падаляка Раман   
10.02.2010 01:00

Тэатр - Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі

Спектакль - Вяртанне Галадара

Рэжысёр - Кацярына Аверкава

Драматург - Сяргей Кавалёўспектакль

Прэм'ера - 17 Кастрычніка 2009

Мастак - Юлія Астаповіч

Жанр - Cпектакль-прыпавесць

Працяг - 1 г. 30 хв.

Ціхае польскае мястэчка. Вандроўны цырк, у якім ёсць адна пустая клетка. У гэтай клетцы калісьці жыў ён - славуты Майстар галадання. І вось ён вярнуўся.

Галадаць можа кожны...
Дзень, два, тры...
Але не месяц.
Галадаць можа кожны...
Калі пратэстуе, альбо калі хоча таннай рэкламнай увагі;
Іншы можа ператварыць галаданне ў філасофію,
надаць яму амаль сакральны сэнс - такое можа толькі Вялікі Майстра галадання.

Астатнім жа застаецца толькі адно - зайздросціць, паклёпнічаць, альбо, дачакаўшыся, калі Галадар, стомлены людской хцівасцю, ізноў знікне, заняць яго месца ў клетцы.

Хто ён? І навошта залез у клетку?

Я не дарэмна прыводжу тут пададзены  эпіграф да спектакля, бо тое, што адбывалася на сцэне (дакладней ў п'есе) трошкі адрозніваецца ад такой таямнічай замалёўкі. Як ні спрабавала Кацярына Аверкава неяк выратаваць драматургію спадара Сяргея Кавалёва, дый п'еса  сваёй бессэнсоўнасцю ўсе адно перамагла. Рэч у тым, што надыдзе момант  (ці ўжо надышоў), калі акцёры пачнуць дэманстраваць асабістыя адносіны да такога матэр'ялу. На сцэне і ў прысутнасці гледачоў.

Можна пісаць пра ананіруючых малпаў, але навошта потым цягнуць за вушы ўсю гісторыю да сакральнага сэнсу? Адчуванне такое, што аўтар недзе падслухаў тую гісторыю, недзе у далёкіх 60-х - 70-х,  але, пэўна, не ўсё да канца пачуў  і таму вырашыў працяг дадумаць сам.

Рэжысёр шмат зрабіла для такой п'есы. Мне вельмі спадабалася, як вырашаныя зрухі рэчаіснасці , атмасфера суіснавання двух паралельных вымярэнняў. І музычна-гукавая падтрымка зацягвае да дрыжыкаў, але гэтая структура існуе асобна ад "драматычнага" дзеяння ў звярынцы, як бы запазычаная з іншага спектаклю.

Пытанні так і засталіся без адказаў - Хто такі Галадар? Нашто прыходзіў? (як у старым жарце: "Вышел... Может, сказать что хотел?")

А, можа, быць было б лепей,  каб Гадо  не прыходзіў????

Пісаць можа кожны....

Адну п'есу, другую...

Нават сто....

Пісаць можа кожны...

Калі пратэстуе, альбо калі хоча таннай рэкламнай увагі;

Іншы можа ператварыць гэта ў філасофію, надаць  сакральны сэнс - такое можа толькі Вялікі Пісьменнік))))

Астатнім жа застаецца толькі адно - зайздросціць, паклёпнічаць, альбо, дачакаўшыся, калі талент, стомлены людской хцівасцю, ізноў знікне, заняць яго месца ў клетцы.

P.S.  Дарэчы, ў ціхім польскім мястэчку  выходзіць газета "Известия")))))