ВАША НОВОСТЬ


Если Вы знаете театральную новость,
которой нет у нас, пожалуйста,
напишите нам

Кто на сайте

Сейчас 92 гостей онлайн

Прыгоды славенцаў у Брэсце PDF Печать E-mail
Блоги - Авторский блог
Автор: alex_strel   
17.10.2010 01:00
Чарговая паўза фестываля «Белая вежа», да наступнага спектакля мы маем дзве гадзіны. Мы з Відай Чарквенік Брэн і Яшай Янулам вырашаем пайсці глядзець Брэсцкую крэпасць. Высвятляецца, што ад тэатра прасцей туды дабрацца пешшу. Ідзем прыгожай алеяй. Раптам чуем «чмок», абарочваемся, маладая пара прыветліва ўсміхаецца і махае артыстам. Яша ўсміхаецца і махае ў адказ. «Вы сталі знакамітасцямі,» — кажу я. «Тут цудоўныя людзі,» — робіць камплімент у адказ Яша.


Фестываль «Белая вежа» адкрыўся спектаклем «Нашэсце іншапланецян». Пяцёра фарбаваных ружовай фарбай акцёраў выехалі на плошчу Леніна на старэнькай машыне. Гледачы аблепілі месца навокал. Акцёры вылезлі з машыны і дзіўнымі рухамі пайшлі ў натоўп, які цалкам паглынуў іх. Адзін іншапланецянін агучваў чмокаючыя гукі. Калі ў яго атрымлівалася кагосьці пацалаваць, то ён відавочна радаваўся. Дужы лысы іншапланецянін двумя крокамі перадолеў плошчу, залез у фантан, узняў рукі, выклікнуў дзікі крык, і да ўсеагульнай радасці струмяні вады ўдарылі ў паветра. З’явілася яшчэ адна істота на чатырох хадулях, магутная і больш агрэсіўная за іншых. Нейкая кабета нечакана для сябе абнаружыла гэтую пачвару ў сябе за спінай, закрычала і пабегла. Здавалася, што іншапланетная жывёліна спужалася не менш, але пачала пераследаваць бедную жанчыну. Гэта сцэнка выклікала ўсмешку нават у міліцэйскага начальніка, які адпачатку быў заклапочаны непарадкам на галоўнай плошчы горада.
«Мы падрыхтавалі „Нашэсце іншапланецян“ як такую „пустую форму“, якая б магла існаваць сама па сабе, развівацца самастойна,» — распавядала потым адна з лідараў праекту «Люд» Віда Чарквенік Брэн. Сэнс быў у тым, каб выйсці да людзей і прымусіць іх удзельнічаць тэатры.
З гэтым спектаклем групоўка аб’ездзіла многія краіны Еўропы. Сёлета брэсцкае выступленне было апошнім. Год быў напружаным. Запомніліся выступленні ў вёсках Італіі. «Электрычнасць там з’явілася хіба 30 гадоў таму, у вёсцы жыве можна тры сотні чалавек. Спачатку мы адчувалі напружанасць, але потым нас пачалі зваць да сябе дадому,» — распавядае Яша Енул.
Цікавы досвед адбыўся ў Босніі. Адзін з варыянтаў скончыць спектакль — гэта «выпадкова» спыніць машыну аднаго з сяброў тэатра і на ёй паехаць у бяспечнае месца, дзе можна змыць фарбу. Дык вось у Босніі групу абкружыў натоўп дзяцей, якія, відацЬ, напраўду паверылі, што стасуюцца з сапраўднымі іншапланецянамі. І калі машына паехала, добрых тры кварталы пераследавалі яе, проста бяжалі за ёй. «Гэта было вельмі кранальна,» — расказвае Яша. Але і «выкінутага» з машыны сябра дзеці не пакінулі ў бядзе. «Не бойся, яны вернуць табе машыну,» — запэўнівалі яны бедака. Нават пайшлі з ім у мячэць, каб памаліцца аб новай машыне для яго. Спектакль для кіроўцы працягваўся яшчэ гадзіны дзве.
Масіўны ўваход у Брэсцкую крэпасць зрабіў на Яшу і Віду ўражанне. Калі камяні запелі, гэта выклікала ў іх захапленне.
Славенія невялікая краіна. Па словах славенскіх артыстаў, самае важная гістарычная падзея, падчас якой славенскі народ меў магчымасць здзейсніць нешта самастойна — была Другая сусветная вайна. Таму ім падалося цалкам лагічным шанаванне яе памяці ў беларусаў. Калі з сутарэнняў каля вечнага агню пачулася песня, Віда заўважыла, што больш драматычна было б, калі б песню пелі жыўцом. Хаця б падчас вялікіх святаў.
Людзі, якія займаюцца андэграўндным мастацтвам у Славеніі, амаль усе ведаюць адзін аднаго. Часцяком толькі яны і з’яўляюцца публікай на сваіх перфомансах. «Мы пазнаёміліся ў нашай Акадэміі мастацтваў,» — распавядаюць Віда і Яша. Віда скончыла навучанне паспяхова, адразу пайшлі прапановы ад галоўных тэатраў у Славеніі. «Я паставіла чатыры спектаклі запар, справа кончылася нярвовым знясіленнем, — успамінае Віда. — Цяпер мы абавязкова вылучаем некалькі тыдняў, падчас якіх не робім нічога». Такім тыднем выдаліся некалькі дзён у Брэсце пасля выступу. Перакладчыкі славенцаў вывезлі іх у лазню за горад, навучылі песне «Тры чарапахі».
Аднойчы Віда вырашыла, што больш не будзе працаваць у буйных стацыянарных тэатрах: «Мае выкладчыкі пры сустрэчы, кажуць, што я была добрым рэжысёрам, быццам, я памерла». Каб займацца тэатрам, быў утвораны «Люд» — гэта слова ёсць неправільнай формай адзінкавага ліку слова «людзі». Многа людзей, адзін па-славенкску, як і ў нас, мусіць быць «чалавек», але можа і «люд».
Касцяк суполкі складаецца з некалькіх артыстаў, шасцёра з іх жывуць разам у кватэры, на «базе». «Мы імкнуліся, каб у нас была трывалая трупа, але гэта цяжка і невыгодна, — дзеліцца Яша, — у выніку мы зрабілі прынцып „колаў“. Ёсць вузкае кола, якое працуе на ўсіх праектах. На больш масштабныя мы запрашаем людзей, з якім супрацоўнічаем пастаянна, але якія маюць іншыя заняткі. У „Нашэсці“ часам выступае да 15 выканаўцаў, але гэта ўжо выключэнне».
Яша і Віда маюць статус культурных агентаў. Яны могуць атрымліваць невялічкую сацыяльную дапамогу, застаючыся беспрацоўнымі, а ў належны тэрмін будуць атрымліваць пенсію. «Калі дажывем, вядома,» — іранізуе Яша.
«Прыязджайце да нас, — запрашаюць славенцы. У Любляне адных пластычных фестываляў 10 штук. Вы можаце жыць у нас». Я абяцаю перадаць іх запрашэнне беларускім артыстам.

 

Матэрыял быў падрыхтаваны для сайта naviny.by

Просмотров: 10257
Архив комментариев

busy