Урок Мрожка

Написал: Вячаслаў Ракіцкі

Паглядзеў спэктакль «Эмігранты» ў Тэатры «Кампанія». Бліскучая п’еса Славаміра Мрожка, бадай што, для сучаснай Беларусі найактуальнейшая. Зрэшты, і спэктакль Андрэя Саўчанкі — не халасты стрэл. Ён адзін з тых нямногіх у Менску, якія востра дакранаюцца да беларускай рэальнасьці, і ня толькі публіцыстычна, а і праз псыхалягічнае заглыбленьне ў лёсы людзей.

Выглядае, што рэжысэр ставіў спэктакль пра эмігрантаў ня толькі ў наўпроставым разуменьні гэтага слова, але і пра ўсіх нас, якія, нават застаючыся жыць у роднай дзяржаве-дыктатуры, пачуваюць і паводзяць сябе як эмігранты. І гэта ўжо вартая ўвагі інтэрпрэтацыя. Разумна прыдуманы спэктакаль, але акторы занадта маладыя, не стае ім таго жыцьцёвага досьведу, каб данесьці сапраўдны трагізм існаваньня гэтых пэрсанажаў і прычыны, абставіны аргумэнты іхнага выбару. А ў менавіта гэтай п’есе Мрожка адной тэхнікі малавата. «Эмігранты» — не «Стрыптыз» ці «Дом на мяжы».
Лічу вельмі важным, што ў спробе актуалізаваць беларускі тэатар, зрабіць яго далучаным да драматычнай рэальнасьці краіны, рэжысэры (пераважна маладыя) выбіраюць эўрапейскую драму, перадусім, і зразумела, чаму, польскую. З майго гледзішча гэта слушна, бо айчынныя літаратары пішуць тое, што ўжо нават на ўзроўні задумы зьяўляецца маргінальным. Мо толькі дзеля таго, каб паставілі хоць у якім правінцыйным, але расейскім тэатры?
Мрожак павучальны. У 1974 годзе ён пісаў п’есу «Эмігранты» пра Польшчу, палякаў, а вось жа напісаў і пра нас сёньняшніх, і яшчэ пра дзясяткі народаў з падобным лёсам. Як не бывае бясполавых людзей, гэтак не бывае і пазанацыянальнай драмы. І толькі тая драма, якая апірышчам выбірае сваю нацыю, можа быць і зразумелай іншым народам, і камэрцыйнай. Агульначалавечае вырастае з нацыянальнага. Герой не жыве ў вакуўме, а жыве ў дакладным соцыюме. Чытайма таксама расейскага Чэхава, ангельскага Шэксьпіра, францускага Мальера і ўсіх астатніх, каго мы называем геніяльнымі.
І ня плачце, мясцовыя аўтары, што ўдумлівыя рэжысэры ставяць ня вас, а Мрожка, Гамбровіча, Фрыла, Макдонаха... Пры ўсіх мастацкіх недахопах тыя спэктаклі, якія я маю на ўвазе, у большай ці меншай ступені кранаюць тую струну душы, якая ў сучаснага беларуса баліць найболей.
Вось і свой сёньняшні паход у халодную і зусім неадаптаваную для тэатральных паказаў канфэрэнц-залю Палаца мастацтваў лічу недарэмным.

 

Просмотров: 12000
Архив комментариев
...
Автор: Daisnova, 06.12.2011
Театр «Компания» интересная компания. Вот о них, их спектаклях, актерах, режиссерах и пишите. А оценивать глубину вашего знания творчества Мрожека, изложенного языком школьного реферата никому не интересно. Комментировать нечего. Ваш материал скорее похож на «скрытую» рекламу этого театра. Без обид.
шкада
Автор: Андрэй Саўчанка, 16.11.2011
Шкада, што пасля 473 праглядаў ніхто не пакінуіў каментара. Дарэчы, наступныя Эмігранты ў Кампаніі 26 лістапада ў Палацы мастацтваў а 19-й, ў Дзень Народзінаў Уладзіміра Караткевіча.

busy