Выхаванне праз уражанні


Написал: Vika В категорию: Блоги Дата: 26.12.2010

Теги: театр кукол , Маленькая ведьма , Ирина Богданова

Што ёсць тэатр лялек для дзяцей? Калі мы гаворым аб мастацтве, маем на ўвазе пазнанне свету. Праз прызму сцэны, слова, колера мы разглядаем прапанаваную нам мадэль чалавечых адносін, варыянты існавання ў складаных і заблытаных лабірынтах жыцця. Дарослы, самадастатковы чалавек здольны сам вырашаць — згаджацца ці не згаджацца з тым, што яму прадстаўляюць. Маленькае ж дзіця шчыра верыць ва ўсё, што адбываецца на сцэнічнай пляцоўцы, а значыць стваральнікі спектакля адказныя за тое, з якой верай вырасце гэты чалавек.

Разуменне гэтай важнай думкі ёсць у маладой навучэнкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, рэжысёра тэатра лялек Іры Багданавай:

У вучэбным спектаклі Іры Багданавай «Маленькая Ведзьма» пануе агульная атмасфера чалавечнасці і дабрыні. Створанная паводле казкі нямецкага пісьменніка О. Пройслера, пастаноўка распавядае нам гісторыю маленькай Ведзьмы, якая жадае стаць дарослай моцнай вядзьмаркай, але па неспрактыкаванасці і наіўнасці робіць для гэтага добрыя справы. Адвечнае супрацьстаянне дабра і зла праяўляецца тут ў адной асобе — маленькай дзяўчыне, якая, зразумеўшы, што здзяйсненне добрых ўчынкаў прыносіць шчасце, выбірае светлы шлях.

Ёсць у гэтым спектаклі і яшчэ адна немалаважная рыса: ніхто з персанажаў не накіраваны рэжысёрам да крайніх вызначэнняў станоўчага ці адмоўнага героя, бадай, за выключэннем дарослых вядзьмарак, вобразы якіх носяць умоўны характар. Добрыя персанажы схільныя да памылак і сумненняў, а жорсткі і дэспатычны фермер у свой час праяўляе простыя і шчырыя пачуцці. Такімі адносінамі спектакль прапаноўвае важную ва ўсе часы думку: не трэба судзіць аб людзях просталінейна і аднабакова, у кожным ёсць добрыя і злыя пачаткі, выбар жа іх залежыць ад самога чалавека і прапанаваных умоў.

Спектакль сцвярджае такія простыя і, адначасова, важныя паняцці, як узаемадапамога, уважлівае і добрае стаўленне да чалавека. Тыя якасці, якія былі б добрым падмуркам для станаўлення маленькай асобы. Для дарослых жа гэта напамін, вяртанне да сутнасці адносін у гэтым свеце. Разам з тым у спектаклі закранаюцца цалкам рэальныя праблемы: бездапаможнасці старых людзей, гвалту над жывёламі — якія, у асобных іх праявах, і вырашае маленькая ведзьма сваімі добрымі справамі. Да таго ж гаворыцца аб гэтым у спектаклі эмацыйна, на адным дыханні. Лялькі не кідкія, але яркія і стыльныя, зробленныя з густам, насычанныя цёплымі колерамі. Дэкарацыі вылучаюцца лёгкай нядбайнасцю, зламанасцю ліній, што надае прасторы чароўнай казачнасці.

Спектаклем «Маленькая Ведзьма» рэжысёр Іра Багданава пацвярджае свае галоўныя творчыя арыенціры. Выхаванне маленькага чалавека тэатрам павінна адбывацца натуральна, праз уражанні. Кажучы «не» прамым павучанням і гатовым паняццям, яна накіроўвае маленькага гледача і дае яму магчымасць самому рабіць вывад з таго, што адбываецца на сцэне. Здаецца, гэтая пазіцыя адпавядае сённяшнім патрабаванням, бо развівае ў чалавеку здольнасць думаць, а не карыстацца гатовымі шаблоннымі меркаваннямі. Дае чалавеку свабоду выбару, што адпаведна ўплывае і на меру адказнасці за свае вырашэнні.