ВАША НОВОСТЬ


Если Вы знаете театральную новость,
которой нет у нас, пожалуйста,
напишите нам

Кто на сайте

Сейчас 75 гостей онлайн

Ганна Хітрык PDF Печать E-mail
Блоги
Автор: Виктория Белякова   
19.04.2011 23:10

Тая, хто верыць...
Я вчера смотрела пьесу
Про злодея и принцессу.
А принцесса и не знала,
Что беда грозила ей.
Я из зала закричала:
«Он недобрый! Он злодей!»
Я ее предупредила -
Вот она и победила!

Гэтыя радкі звычайна Ганна Хітрык чытае на канцэртах перад выкананнем песні «Тэатральная» музыкальнага гурта «ДзеціДзяцей», салісткай і «сонейкам» якога яна з’яўляецца. У шчырых, па-дзіцячаму наіўных словах мне бачыцца адно вельмі важнае паняцце, якое раскрывае адну з галоўных рыс асобы і творчасці Ганны Хітрык: нераўнадушша. Вера ў тое, што менавіта ты сваёй актыўнай чалавечай пазіцыяй, сваімі дзеяннямі і, нават, словамі, можаш, калі не змяніць мір, то прыўнесці ў яго праменьчыкі сваёй цеплыні, дабрыні і шчырасці. Вера у тое, што твае песні дапамогуць камусьці хоць на хвіліну забыць сваю адзіноту, а ролі наштурхнуць некага на разважанні аб сусвеце і сабе ў ім. Увогуле, нераўнадушша да чалавека, бо кожны мае патрэбу ў падтрымцы і адчуванні на сабе неабыякавых вачэй, жадаючых паразумення. Гэтая маладая жанчына здзіўляе шырынёй сваёй асобы і рознабаковасцю інтрарэсаў. У інтэрв’ю, якія Ганна Хітрык апошнім часам дае шмат, можна пачуць яе цікавыя меркаванні і думкі, наконт жыцця, чалавечых адносін, тэатра. Дарэчы, акторка скончыла Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «Акцёрскае мастацтва тэатра лялек», але ўжо на трэцім курсе рэжысёр Аляксандр Гарцуеў запрасіў яе ў пастаноўку «Брат мой, Сіман» купалаўскага тэатра, у якім яна і засталася працаваць. У дзіцячай тэлевізійнай перадачы «Калыханка» яна працавала Лісічкай, Ганна Хітрык піша казкі, здымаецца ў фільмах, выкладае ў школе з тэатральным ухілам, самае ж шчырае і важнае аддае ў песнях гурта «ДзеціДзяцей».

Часта пры ўпамінанні імя Ганны Хітрык паўстае вобраз вясёлай балбатлівай дзяўчынкі, гэтакай «Пэппі Доўгапанчохі», якую яна, дарэчы, некалі іграла ў Сучасным мастацкім тэатры, але гэта толькі адзін бок шматграннага чалавека і таленавітай акторкі. Яна можа быць рамантычнай Ганнай у «Сымоне-музыку», палахлівай Надзеяй Яноўскай — «Дзікае паляванне караля Стаха», яркай, эксцэнтрычнай Марлен у «Вячэры з дурнем», далікатным і чуйным Лябёдушкіным — «Матылёк» і іншай, і іншай...

У спектаклі «Івона, прынцэса Бургундская» (рэжысёр Аляксандр Гарцуеў), пастаўленым па п’есе Вітальда Гамбровіча, польскага драматурга XX стагоддзя, Ганна Хітрык іграе галоўную ролю: маўклівую, апатычную дзяўчыну Івону. Гэта п’еса — трагічны парадокс пра тое, як не зусім звычайная, тонкая і ўразлівая асоба стала ахвярай бруднай сістэмы пануючых чалавечых нораваў. У, на першы погляд, трывалым, зладжанным па звыклых правілах свецкай ліслівасці і крывадушша каралеўстве адбываецца нечаканае здарэнне: прынц Філіп абвяшчае сваёй нарачонай непрыкментую, нязграбнуюю маўчуню Івону. Але не ад кахання і, нават, не ад жалю ён робіць гэты крок. Гэта, адначасова, і здзек, і выклік замшэламу вышэйшаму свету з яго правіламі гульні ў жыццё, шмат тут і цынічнай цікавасці — што ж з усяго гэтага атрымаецца?

Івона-Хітрык з’яўляецца на сцэне са сваімі цёткамі (Я. Кульбачная і З. Зубкова), якія цягнуць яе за руку, падштурхоўваюць, пхаюць, усаджваюць, пры гэтым сама дзяўчына абсалютна пасіўная. Гэтая апатычнасць выяўляецца і ў рухах, і ў міміцы, і ў гаворцы, а дакладней маўклівасці. Бледны твар яе не выражае нічога, у ім не кропелькі жыцця, позірк накіраваны ўніз. У пластыцы гераіні мы бачым закрытасць ад свету: апушчаныя плечы, прыгорблены стан, складзенныя крыж-накрыж рукі. Івона мае белыя доўгія валасы і апранута ў бледна-зялёную сукенку, што яшчэ больш падкрэслівае знешнюю блякласць гераіні.

На працягу ўсёй пастаноўкі актрыса існуе ў такім знешнім малюнку вобраза. Яна мае мінімальныя сродкі перадачы пачуццяў, але чым меньш рухаў робіць Івона, тым больш значнымі і напоўненымі яны аказваюцца. У іх мы бачым адносіны дзяўчыны да іншых: закрытасць і жах. І толькі два чалавекі выклікаюць у яе жаданне адкрыцца — служка Валянцін (Ігар Дзянісаў) і прынц Філіп (Раман Падаляка), у якога яна ці то закахалася, ці то ўбачыла ў вачах, тое, што адчувала сама: непрыняцце навакольнага свету ў такой яго форме. Пры кантакце з гэтымі героямі постаць Івоны быццам бы выпростваецца, а схаваны ад усіх позірк упіваецца ў іхнія вочы. Зрэшты, менавіта, у позірку сканцэнтраваны пачуцці Івоны, што патрабуе ад акторкі напоўненасці існавання, якая дасягаецца шляхам унутранага маналогу і наяўнасці сваёй гісторыі.

Нягледзячы на безжыццёвасць, пасіўнасць існавання Івоны, усе яе сутыкненні з хлуслівай і бруднай рэчаіснасцю праходзяць вельмі балюча. Яе вострая рэакцыя выяўляецца ў жахлівым крыку, уцёках ад людзей, калі дзяўчына чуе крыўдныя рэчы, пратэст супраць іх яна паказвае, закрываючы вушы рукамі. Івона-Хітрык не згаджаецца з правіламі гульні ў жыццё, якія прыняло грамадства кралеўства, надзеўшы на сябе маскі, затаіўшы ад усіх сваю сапраўдную сутнасць, але яна не ў сілах супрацьстаяць гэтаму свету. Гэты кантраст нараджае адчай і крайнюю ступень утоеннасці гераіні, абумоўленную яшчэ і прыроджанай слабай хваравітай псіхікай Івоны і яе фізічнай апатычнасцю.

Прыгожы, паэтычны ўнутраны свет Івоны раскрываецца, калі яна застаецца адна. У гэты момант дзяўчыне некага баяцца, ніхто не зможа пасмяяцца ці паздзекавацца з яе. Івона-Хітрык кружыцца ў вальсе, іграе на ўяўнай скрыпцы, рухі яе вольныя і лёгкія, яна ўсміхаецца, і твар яе прасвятляецца ад шчасця і асалоды. Але, нечакана, ў пакой заходзяць дамы каралеўства, дзяўчына палохаецца і ўцякае.

Тым не менш, кароль з камергерам, каралева, прынц — ўсе яны баяцца Івоны, бо яна для іх нейкая пачварная, незразумелая істота, якая хавае ў сабе штосьці небяспечнае для іх. Так, менавіта, жах за тое, што адкрыюцца таямніцы іх душ, іх сапраўдная сутнасць, і падбівае ўсіх на злачынства. Як магло гэтае амаль бясслоўнае, непрыкметнае стварэнне вызваць такі перапалох? Гэта дзяўчына выклікала ва ўсіх адчуванне хісткасці становішча. З-пад гадамі нарошчанай ілжывай маскі нечакана сталі выпаўзаць заганы, агідныя, ці добрыя пачуцці і памкненні, а гэта вельмі нябеспечна для грамадства, дзе ўсё павінна выглядаць так, як таго патрабуюць усе.

Гісторыя гэта заканчваецца трагічна. Івона становіцца ахвярай каралеўства. І тым больш жахлівей успрымаецца яе смерць, чым недарэчней яна адбываецца: ніхто з каралеўскай сям’і і іх набліжанных так і не вырашаецца на адкрытае забойства, яны змаўляюцца спужаць дзяўчыну пад час вечарыны так, каб яна здушылася рыбнай косткай, што і адбываецца. А жахлівей усяго ў гэтай гісторыі тое, што атрымліваецца ўсё так, быццам бы ніхто і не вінаваты. А ўсе гэтыя здзекі, насмешлівыя погляды, адмысловыя выпады нічога не значаць, так як і здрада Філіпа, які не толькі здрадзіў ёй з Ізай, але і ў апошні момант адвярнуўся ад Івоны, калі тая працягнула да яго руку. Івона-Хітрык застаецца адна пасярод сцэны, падае... і толькі адчайны стогн Валянціна вырываецца з цішыні.

Зусім іншая Ганна Хітрык у спектаклі «Пінская шляхта». У знакамітай камедыі Дуніна-Марцінкевіча, Марыся, дочь пана Пратасавіцкага, кахае Грышку, сына пана Ліпскага, але ім перашкаджаюць нядобрыя адносіны іх бацькоў, якія пасварыліся з-за таго, што адзін другога назваў мужыком. Сцэнічнае існаванне акторкі абумоўлена жанрам пастаноўкі: фарс-вадэвіль (рэжыссёр Мікалай Пінігін). Усё, што ні робіцца на сцэне, наўмысна перабольшана. Хітрык-Марыся то манерна-какетлівая, то ўзвышанна-рамантычная, то гратэскна-трагічная. Наўмысны пафас жэстаў і інтанацый выкрывае іранічнасць стаўлення да гераіні. Але смех тут не над Марысяй, а хутчэй разам з ёй насмешка акторкі над усёй гісторыяй. Вобраз сатканы з гіпербалізаванных тэатральных прыёмаў, якія выбудоўваюцца ў агульную пародыю на штампы выканаўчага майстэрства. У розныя моманты Ганна Хітрык звяртаецца то да шырокіх балетных жэстаў, то да тэндэнцыйных манер оперных спявачак, карыстаецца ламанымі рухамі драматычных акторак ці мяккімі, туманнымі інтанацыямі лірычных гераінь. Да таго ж у вобразе сустракаюцца бесцырымонныя нахабныя манеры сучасных «гопнікаў», ці ў адзін з момантаў размовы з Грышкам (Міхаіл Зуй), Марыся раптам ператвараецца ў занудную, істэрычную жанчыну, быццам бы прымае на сябе ролю жонкі, якая папракае Грышку: «Дзе ж ты бадзяўся?». Каханыя то заігрываюць адзін з адным, то амаль па-звярынаму кідаюцца цалавацца і абдымацца. Лёгка ў адзін момант Ганна Хітрык пераходзіць з аднаго стану ў іншы, ні на хвіліну не губляючы ўвагі, развіваючы дзеянне ўсяго спектакля, запальвае гледача ў прадчуванні кульмінацыйных фарсава-камедыйных сцэн з суддзёй Кручковым (Віктар Манаеў).

Марыся здзекуецца са старога пана Куторгі, які прыйшоў да яе сватацца. Гратэскны выгляд разадзетага, як певень, задраўшага нос у гару пана выклікае ў дзяўчыны смех, і ўсё ж яна некалькі цураецца яго, абыходзіць падалей, і толькі на адзін момант падпускае бліжэй, быццам бы зразумеўшы нешта:
-А ведаеце ад чаго гэта, пан Куторга?
І так жа сур’ёзна выпальвае: -Ад старасці! — адразу ж уцякае, бо насмешка становіцца зразумелай. І дадае здзекліва-павучальным тонам:
-... пара ўжо Вам аб дзяўчатах забыцца думаць і маліцца Богу, каб даў спасенне.
Тут жывы малады смех выступае супраць карыкатурнасці вобраза пана Куторгі.

Мабыць, адзіная сцэна ў спектаклі, дзе Ганна Хітрык іграе без перабольшванняў і пародый, — гэта, вырашаны ў лепшых традыцыях народнага тэатра, маналог, у якім Марыся распавядае гісторыю сваркі бацькоў яе і Грышкі. Зроблены яскрава, з жывым, народным гумарам, пры гэтым проста і выразна звяртаючыся да зала. У гэтым ёсць праяўленне ў першую чаргу рэжыссёрскай пазіцыі, якая выяўляецца ўсёй пастаноўкай: як бы не выкрываў Мікалай Пінігін заганы, звычкі пінскай шляхты, як бы не бачыў ён неадукаванасць, парой дурасць мужыка (бо ніякі, па сваёй сутнасці, ён не шляхціц), за ўсім стаіць трывалая любоў да народа, жыццесцвярджальная моц народнага гумару, пашана да беларускага чалавека, які, на жаль, сам не жадае сябе паважаць. У спектаклях «Дзікае паляванне караля Стаха», «Івона, прынцэса Бургундская», «Балада пра каханне» нязменным партнёрам Ганны Хітрык з’яўляецца Раман Падаляка. Іх паспяховы творчы тандэм, мне здаецца, будуецца на ўзаемаразуменні, шчыраці і чалавечай цеплыні. Адносіны іх герояў заўсёды няпростыя, яны праходзяць выпрабаванні пад націскам не толькі знешніх абставін, але і сваіх пачуццяў, а таксама свайго асабістага «я». Тым не менш у кожным спектаклі ёсць адна вельмі важная для тэатральнага мастацтва рэч: нязменнае адчуванне партнёра.

Ярчэй усяго гэта праяўляецца ў пастаноўцы «Балада пра каханне» рэжысёра Уладзіміра Савіцкага, бо з першых і да апошніх хвілін спектакля Ганна Хітрык і Раман Падаляка існуюць на сцэне адзін на адзін. У сітуацыі мінімальных знешніх прыстасаванняў, умоўнасці прасторы акторы прадстаюць, як на буйным плане. У такіх умовах ад выканаўцаў патрабуецца максімальная шчырасць пачуццяў і дакладнасць вобразаў.

Дзве трагічна несумяшчальныя рэчы: вайна і каханне, што ўспыхвае паміж, італьянская дзяўчынай Джуліяй і савецкім хлопцам Іванам, якія збеглі з канцлагера. Адносіны герояў развіваюцца ад недаверлівасці, агрэсіўнасці Івана і напалоханнасці Джуліі да вельмі глыбокай чалавечай блізасці і трапяткога кахання.

Джулія-Хітрык тэмпераментная, балбатлівая дзяўчына, побач са змрочным Іванам яна здаецца нават крыху легкадумнай. Але гэтае адчуванне можа ўзнікнуць толькі з першага погляду, ад кантрасту паміж яе жыццярадасным характарам і драматычнасцю становішча. Яна звяртаецца да хлопца адкрыта, уважліва слухае, ловіць кожнае яго слова, імгненна рэагуючы на змены настрою. Распавядаючы сама, непасрэднасцю і прастатой яна часам падобна на дзіця, Джулія актыўна ў рухах, словамі і жэстамі спрабуе данесці Івану, тое, што хоча сказаць, бо часам ёй складана растлумачыць усё на малавядомай мове. У вачах бачна шчырая зацікаўленасць, жаданне знайсці кантакт. Пры гэтым яна здольна моцна суперажываць хлопцу і не крыўдзіцца на яго закрытасць і недавер.

З-за цяжкіх умоў сілы пакідаюць яе. Іван да апошняга спрабуе прымусіць яе ісці, цягне, падымае на ногі, але не атрымліваецца. Гэтая кульмінацыйная сцэна — пераломны момант для Івана, бо ён стаіць перад выбарам: ісці аднаму ці застацца з ёй і хутчэй за ўсё быць спайманым фашыстамі. Праз сілу ён вырашае сыходзіць, пераконваючы сябе: «Так лепей» — здымае з яе кашулю, але зрываецца, узвальвае Джулію сабе на плечы і цягне наперад.

У спектаклі Ганна Хітрык і Раман Падаляка змаглі дакладна перадаць усе тонкасці адносін паміж героямі, цэлы калейдаскоп пачуццяў: і насцярожаннасць, і радасць, і горыч, і каханне, і цеплыню, і боль... Можна назваць гэты спектакль адным з самых чалавечных у рэпертуары купалаўскага тэатра. Па-першае, з-за драматургічнага матэрыялу (спектакль пастаўлены паводле аповесці В. Быкава «Альпійская балада»), ў якім на першым плане, менавіта, характары і чалавечыя ўзаемаадносіны, пастаўленныя ў складаную, экстрэмальную сітуацыю. А, па-другое, па эмацыянальнаму ўзроўню пачуццяў, перададзеных акцёрамі. Адна з самых кранальных сцэн — сцэна кахання, блізасці герояў — поўная шчасцем, пяшчотай і ўзаемадаверам. Кожны рух, дакрананне, абдымкі напоўнены цеплынёй, беражлівасцю, трапятаннем. Гэта праява той вялікай і светлай сілы кахання, нават у жорсткіх, драматычных умовах вайны.
Агульная атмасфера спектакля драматычная, адчуванне вайны ні на хвіліну не пакідае, і, нават, самыя светлыя пачуцці абрываюцца ці то брэхам сабак, ці то сумнымі ўспамінамі, ці то трывожным прадчуваннем бяды. Чуецца набліжэнне немцаў. Джулія доўга трымае Івана за руку, але ён вырываецца і гіне, выратаваўшы яе. Для дзяўчыны ж застаецца боль, горыч страты каханага чалавека і шчасця, якое было так блізка.

У сваіх ролях Ганна Хітрык розная: часам пяшчотная і мяккая, часам глыбока драматычная і пакутуючая, часам задуменная, часам адкрытая і вясёлая, бывае цвёрдай і рашучай, балбатлівай і маўклівай. Здаецца, яшчэ павінны з’явіцца тыя ролі і рэжыссёры, якія дадуць магчымасць раскрыць іншыя, мабыць нечаканыя грані таленту, якіх, здаецца, у яе яшчэ нямала. У самой жа акцёркі акрамя бясспрэчнага таленту, ёсць адна з галоўных рэчаў на шляху да развіцця, жаданне працаваць, шукаць і не спыняцца. Дарэчы, як у адной з песень гурта «ДзеціДзяцей»:

Тыя, хто вераць, тыя, хто ідуць,
Разам спрабуюць соль ды палынь,
Вочы іх прагнуць у вір зазірнуць,
Рукі жадаюць кінуць зерне на млын...
... Нават калі застануцца адны,
Будут ісці і верыць — свет зменіцца словам.

Просмотров: 19780
Архив комментариев

busy