ВАША НОВОСТЬ


Если Вы знаете театральную новость,
которой нет у нас, пожалуйста,
напишите нам

Кто на сайте

Сейчас 154 гостей онлайн

Сумная яўрэйская ўсмешка PDF Печать E-mail
Автор: Софья   
12.07.2012 13:59

Пакуль Беларусь святкавала Дзень незалежнасці, у межах «Тэатральнага куфара» прайшоў спектакль «Без назвы» эксперыментальнай лабараторыі «Тэатральны квадрат». Падзея, з аднаго боку, эмацыйна кантраставала з агульнарэспубліканскай, а з другога — па-свойму падсвечвала яе: у Дзень рэспублікі (а фактычна — дзень вызвалення Мінска ў 1944-м) згадка пра мінулую вайну была не лішняй. Артысты тэатра нагадалі гледачам пра халакост. Задума ўзнікла ў рэжысёра Ганны Сулімы падчас знаёмства з архіўнымі дакументамі, што апавядалі пра беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі — спробу Рэйха фізічна знішчыць цэлы народ.

Спектакль невыпадкова не мае назвы: гэта ўстаноўка на голы факт, на рэчаіснасць, якая гаворыць сама за сябе. Твор цалкам заснаваны на ўспамінах вязняў гета і канцлагераў. І хоць без інтэрпрэтацый усё роўна не абышлося, дакументальнасць адразу ж стварыла пэўную атмасферу. Найперш для акцёраў. Адчуванне сябе на сцэне адрозніваецца, калі разумееш, што рэплікі — гэта выказванні рэальных асоб, а не плён фантазіі драматурга. Мастацкай звышзадачай было ўзнавіць на сцэне нечыя ўражанні, ад імя сведкаў падзяліцца перажытым. І гэтаму спрыяла ўсё: і аскетычнае афармленне («чорны кабінет»), і выразнае святло (яно часам вылучала постаці і сцэны, выхоплівала з цемры твары людзей), і выдатна падабраны рэквізіт (кожная рэч, трапляючы ў «чорную прастору», міжволі вырастала да сімвала — валізка, крэсла, сямісвечнік, лялька...). Многія выкарыстаныя ў спектаклі рэчы — сапраўдныя прадметы той эпохі. І ў гэтым — таксама дакументальнасць.

«Як гэта — быць сярод тых, хто асуджаны, без віны вінаваты, ехаць у вагонах у гета і канцлагеры, знаходзіцца ў няспыннай трывозе і страху? Трываць прыніжэнне і здзекі, і пры гэтым насіць з гонарам і болем „зорку Давіда“...» ­— такія пытанні задавалі сабе рэжысёр і артысты «Тэатральнага квадрата». У выніку ім удалося перадаць як камернасць, асабістую глыбіню ўспаміну, так і глабальнасць, масавасць гістарычных падзей. На сцэне акцёры гаварылі на розных мовах (падчас халакосту загінулі яўрэі Літвы і Польшчы, Беларусі і Германіі, Францыі і Расіі...), пераўвасабляліся ў захопнікаў, гулялі ў жудасную лічылку, дзе кожны «мечаны» знікаў бясследна, пакідаючы па сабе толькі боты. Што немагчыма было перадаць словамі, дасягалася закошт пластыкі. Кожны пластычна-музычны эпізод спектакля — гэта пэўны стан, і дзякуючы сімвалічнай мове яго можна было «чытаць» па-рознаму.

Спектакль атрымаўся фрагментарны, бо ён не мае фабулы. Але і гэта па-свойму працуе на задуму. Героі не ведаюць, што з імі адбываецца, што іх чакае; трывога і няпэўнасць толькі ўзмацняюцца ад чаргавання пластычных, драматычных і музычных эпізодаў. Ніводзін лёс не прасочваецца да канца. Спектакль настолькі ж не мае лінейнага развіцця, як героі не маюць зямлі пад нагамі. Таму ўсёй сваёй будовай ён транслюе гэты стан у залу.

Эмацыйны фон спектакля разнастайны: страх, роспач, трывога, жывёльная жорсткасць і — дзіўным чынам — прыгажосць свету, адчуванне яе безабароннасці. Не апошняя роля ў гэтым належыць музычнаму рашэнню. На працягу спектакля гучаць гітары, скрыпка, барабаны, флейта і флейта дажджу, а самі музыкі ўвесь час прысутнічаюць на сцэне. Жывая музыка — вялікая вартасць спектакля. Часам яна ілюструе тэатральную дзею, часам — дапаўняе яе па кантрасце, як у фільме Бэры Левінсана «Добрай раніцы, В’етнам», дзе на горад сыплюцца бомбы пад песню Луі Армстронга «What a wonderful world». Частка музыкі была напісана адмыслова для спектакля маладымі кампазітарамі Паўлам Малчанавым, Пятром Марчанкам, Наталляй Біжык.

Спектакль «Без назвы» неаднародны. Дзякуючы лірычным устаўкам дзеянне вырываецца з «кола болю» і сягае экзістэнцыйнага ўзроўню. У спектаклі гучаць вершы Ю. Левітанскага, песня на словы І. Бродскага. Уражвае вобраз цягніка, што імчыць людзей у невядомасць. Калі скончыцца шлях, куды нас вязуць і што там чакае? Кранае прастата ўвядзення песні: у пэўны момант дзеянне адыходзіць на другі план (і нібыта працягваецца ў іншай прасторы), а Ганна Суліма пачынае спяваць, адзін з музыкаў акампануе ёй на гітары. Нечым гэта нагадвае ваенную звычку спяваць ля вогнішча, ратавацца мастацтвам, надзеяй. Ды інакш — ці магчыма вытрываць?

Парадаксальна: ХХ стагоддзе праславілася крывавымі падзеямі, але і мастацкімі набыткамі. Вынікае, нават на мяжы пакут душу можа напаткаць промень святла... Наўпрост у спектаклі пра гэта не гаворыцца, але думка ўзнікае менавіта ад вершаў, песні. Магчыма, вялікія чалавечыя ахвяры і духоўныя вяршыні нейкім чынам звязаны? І толькі дзеля гэтага варта памятаць пра боль?

Халакост — складаная тэма. Мусіць, іншы рэжысёр у яго паказе пайшоў бы па шляху нагнятання шокавасці (між іншым, такую інтэрпрэтацыю на сёлетнім «Куфары» прадставіў студэнцкі тэатр Іллі (Грузія) у пастаноўцы «Планета попел»). Але Ганна Суліма стварыла свой, адметны, не пазбаўлены рэалістычнасці спектакль-успамін. Падобны да сумнай яўрэйскай усмешкі, што ведае свет і прымае яго такім, які ён ёсць.

 

 

Просмотров: 11679
Архив комментариев

busy
 

Похожие материалы