ВАША НОВОСТЬ


Если Вы знаете театральную новость,
которой нет у нас, пожалуйста,
напишите нам

Кто на сайте

Сейчас 72 гостей онлайн

Куды пойдзем?.. PDF Печать E-mail
Автор: Аляксандра Грэчка   
25.09.2013 23:25

23 верасня ў межах фестывалю “Тэатральны куфар” тэатр-лабараторыя “Insight” прадставіў пастаноўку “Гавары са мной, нібы…” паводле твораў Тэнэсі Вільямса “Гавары са мной, нібы дождж, і не замінай слухаць” і Аляксандра Ігнашова “Дажджы па суботах”.
Кажуць, першым просіць прабачэння не той, хто вінаваты, а той, хто болей даражыць адносінамі…
“Гавары са мной, нібы…” – гэта дзве гісторыі пра дзве пары. У кожнай з іх відавочна няпросты перыяд: размовы не атрымліваецца, кожны слухае толькі сябе, а пачуць становіцца ўсё складаней. Усім так надакучыла гэтая стома, кожны так прагне простай, цёплай цішыні, але цяпер яна не даецца так лёгка.
“Гавары са мной, нібы…” — спектакль пра пытанні. І пра спробы знайсці адказы. Пра тое, што адбываецца, калі туманы закаханасці рассейваюцца, вочы расплюшчваюцца і перад табой – чалавек. Жывы, сапраўдны, шчыры. Крыху слабы, болей патрабавальны, меней трапяткі. Дзе знайсці моц трываць, паважаць, прымаць? І ці мае гэта сэнс – цяпер?..


Ці засталіся ў іх сілы, каб вырвацца з гэтых колаў? Ці ёсць унутры кожнага з іх хоць крышачку той маленькай важнай умовы на літару “л”, каб аднавіць і аднавіцца?
У кагосьці — так. Недзе на дне душы яшчэ не высахлі рэшткі таго юнага, свежага, зіхацістага, як ранішняя рака, пачуцця, якое сваёй гаючасцю калісьці перамагала адчаі, слабасці і патрабаванні. Якое і зараз здольна выратаваць невыратавальнае.
А ў кагосьці — не. Моцнае, шчырае жаданне вярнуцца блукае ўнутры, рвецца вонкі. Але яму не дае ўзляцець гіра эгаізму. Пратэст – ад слабасці, крыўда — ад бездапаможнасці. У іх яшчэ не заржавеў унутраны магніт, але душа ўжо даўно пакрылася халоднай карой недаверу. І гэта тая мяжа, калі на пытанне “Куды пойдзем?” адказ магчымы толькі адзін: “Нікуды”.
“Наш спектакль пра звычайныя рэчы і пра звычайных людзей, — кажа актрыса Вераніка Раманюк. – Гледачы могуць задумацца, якія памылкі яны робяць (бо гэта вельмі відавочна паказана на сцэне), і можа быць, паспрабаваць неяк змяніць сваё жыццё”.
Нягледзячы на важнасць абранай тэмы, на сцэне яна не стала ні гайдам па чалавечых адносінах (што, у прынцыпе, немагчыма), ні нават шпаргалкай да іх. Адчувалася, што акцёры самі намацваюць, шукаюць тое, чаго баяцца. Дый жорстка было б патрабаваць ад такіх юныў хлопцаў і дзяўчат поўнага разумення роляў. Няхай гэтыя асэнсаванні прыходзяць тады, калі павінны прыйсці. А пакуль яны маюць права заставацца здагадкамі і пошукамі адказаў.

Просмотров: 2930
Архив комментариев

busy
 

Похожие материалы